Сімволіка ўніверсітэта

 

У філасофіі існуе канцэпцыя станоўчага адзінства. Складаная сістэма дзейсная, калі ўсе яе складнікі працуюць на ўзаемнае ўзмацненне адзін аднаго, а Ісціна, Дабро і Прыгажосць з'яўляюцца абсалютнымі каштоўнасцямі. Гэтая канцэпцыя стала асновай развіцця Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай.

Універсітэт з'яўляецца пераемнікам слаўных спраў сваіх папярэднікаў, прадаўжальнікам тысячагадовай гісторыі ўтварэння полацкай зямлі. Полацк даў свету мноства выдатных дзеячаў. Імя Еўфрасінні Полацкай, яе жыццёвы шлях і здзяйсненні маюць асаблівае значэнне. Святая несла высакародную місію асветы ў імя вечных каштоўнасцей, заклаўшы трывалую аснову для фарміравання духоўна багатай, адукаванай Беларусі.

У пачатку XII стагоддзя Еўфрасіння заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы Полацкага княства. У 1581 годзе ў Полацку адкрыўся езуіцкі калегіум, у 1812 заснавана Полацкая езуіцкая акадэмія – першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1835 годзе створаны Полацкі кадэцкі корпус, выпускнікі якога праславіліся гераічнымі ваеннымі подзвігамі, важнымі навуковымі адкрыццямі, яркімі грамадскімі поспехамі.

Найноўшая гісторыя ўніверсітэта пачалася ў 1968 годзе, калі ў Наваполацку адкрыўся філіял Беларускага ордэна Чырвонага сцяга політэхнічнага інстытута. У 1974 годзе філіял быў пераўтвораны ў Наваполацкі політэхнічны інстытут, які ў 1993 годзе стаў Полацкім дзяржаўным універсітэтам. У 2022 годзе ўніверсітэт набыў імя Еўфрасінні Полацкай.

Асноўныя вехі найбагацейшай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай знайшлі адлюстраванне ў яго сімвалах. Гімн універсітэта створаны ў 2003 годзе, эмблема і флаг універсітэта заснаваны рашэннем савета універсітэта 25 студзеня 2008 года.

Эмблема універсітэта

Эмблема ПДУ

Эмблема Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай уяўляе сабой стылізаваную выяву раскрытай кнігі, размешчаную ўнутры шасцікутніка блакітнага колеру. Контур раскрытай кнігі азначае працяг традыцый адукацыі, закладзеных Еўфрасінняй Полацкай, Францыскам Скарынам і Сімяонам Полацкім. На развароце кнігі размешчана графічная выява будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума, што сімвалізуе вытокі ўніверсітэта ад першай вышэйшай навучальнай установы на Полацкай зямлі.

Над выявай калегіума размешчаны надпіс «DOCENDO DISCIMUS». Сэнс фразы раскрывае бесперапынны працэс самаадукацыі – «навучаючы навучаюся». Дата «1581» з'яўляецца годам закладкі першага каменя ў будынак езуіцкага калегіума. Па перыметры шасцікутніка на блакітнай стужцы надпіс на рускай мове «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай».

Шасцікутнік вянчае сярэбраная карона з залатым навершам, якая ўяўляе сабой стылізаваную выяву счаплення двух зубчастых шасцяронак як знак аднаго з першых факультэтаў – машынабудаўнічага. Ніжняя шасцярэнька – срэбнага колеру, верхняя – залатога. У гэтым спалучэнні раскрываецца ўзаемадзеянне высакароднасці чысціні вучоных намераў са шматвяковай традыцыяй адукацыі на Полацкай зямлі.

Стужка блакітнага колеру ўвасабляе бензольнае кольца, а блакітны колер –блакітныя ніткі газаправода. Гэта – сімвалы галін прамысловасці ў горадзе Наваполацку, для развіцця якіх былі заснаваны ў 1968 годзе першыя факультэты будучага Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сярэбраны фон, на якім намалявана бензольнае кольца, расчыняе асноўную ідэю ўніверсітэцкай садружнасці: ад пераадолення церняў ведаў – да новых адкрыццяў і спазнанню нязведанага.

Сцяг універсітэта

Флаг ПГУ

Палотнішча сцяга Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай вертыкальна падзеленае на тры роўнавялікія часткі, дзве з якіх – блакітнага колеру, размешчаныя па краях, і цэнтральная – белая. Блакітны колер – сімвал навукі і вучонасці, а таксама нафтагазавай прамысловасці рэгіёна, а белы – сімвалізуе чысціню навуковых намераў, выкладання і саманавучання. У цэнтры флага размешчана эмблема ўніверсітэта.

Гімн універсітэта

Словы. Г. Бураўкіна
Музыка В. Малыха

Не розум Полацка віною,
Што пасля столькіх зім і лет
Паўстаў нарэшце над Дзвіною
Наш Полацкі універсітэт

Што воляю чужых законаў
Для іншых нацый і дзяржаў
Сваіх Ньтонаў і Платонаў
Наш край наддзвінскі нараджаў

Ім лёс такі гаротны выпаў,
Што ў храмы дальнія ішлі
Ад родных рэк, бароў і выспаў
Ад цёплай матчынай зямлі…

Няхай жа здзейсняць сёння ўнукі
Усё, чаго ня здолеў дзед,
Каб горда ўзняўся храм навукі
Наш Полацкі універсітэт!

Хай будуць на вякі вядомы,
Як неразменная казна
3 пячаткай Полацкай дыпломы —
Духоўнасці высокі знак!

Кладзі да славы пуцявіны,
Нясі свае адкрыцці ў свет,
Нашчадак мудрага Скарыны —
Наш Полацкі універсітэт!

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie