Полацкі езуіцкі калегіум у 1581 – 1640-я гг.

Полацкі езуіцкі калегіум у 1581 – 1640-я гг.

На працягу XV–XVI стст. вяртанне багацейшай культурнай спадчыны эпохі Антычнасці, вынаходніцтва друкарскага варштата, адкрыццё шляху ў Амерыку і многія іншыя зрухі на еўрапейскай культурнай прасторы абудзілі ў Еўропе небывалы інтарэс да ведаў. Узнікаюць дзясяткі новых універсітэцкіх цэнтраў, квітнеюць навукі, расце армія студэнцтва.

Лекцыя Генрыха Алеманскага ў Балонскім універсітэце (другая палова XIV ст.)

Лекцыя Генрыха Алеманскага ў Балонскім універсітэце (другая палова XIV ст.)

Не заставалася ў баку ад агульнаеўрапейскіх працэсаў і Вялікае княства Літоўскае. Аднак доўгі час краіна не магла пахваліцца ўласнымі навукова-адукацыйнымі рэсурсамі і карысталася тым, што маглі прапанаваць Заходняя і Цэнтральная Еўропа. У 1397 г. чэшскі кароль Вацлаў IV задаволіў просьбу польскай каралевы Ядвігі, каб у мэтах распаўсюджвання хрысціянскай веры ў Літве для літоўскіх студэнтаў у Празе быў набыты дом (Ядвіга, жонка караля-літоўца Ягайлы, была выдатна паінфармавана аб праблемах гэтай зямлі, дзе яшчэ нядаўна, пасля заключэння Крэўскай уніі (1385), пачалася хрысціянізацыя насельніцтва па каталіцкаму ўзору). Смерць каралевы ў 1399 г. і аднаўленне дзейнасці кракаўскага ўніверсітэта (у тэстаменце Ядвіга распарадзілася пакінуць яму ўсю сваю асабістую маёмасць) не маглі не запаволіць рэалізацыю гэтага праекта. Дом быў набыты толькі ў 1411 г. Тым не менш, і без падтрымкі з боку дзяржавы ў канцы XIV – першым дзесяцігоддзі XV ст. у Празе вучылася каля дзясятка студэнтаў з ВКЛ.

Паступова галоўным цэнтрам прыцягнення студэнтаў з Вялікага княства Літоўскага ўсё ж становіцца Кракаўскі ўніверсітэт. На працягу XV–XVI стст. кракаўская alma mater падрыхтавала каля 700 студэнтаў з ВКЛ! Ліцвіны вучыліся ва ўніверсітэтах Сіены, Падуі, Балоньі, Цюбінгена, Эрфурта, Вітэнберга, Лейпцыга, Круляўца (Кёнігсберга) і інш. Неўзабаве дзяржава і грамадства Вялікага княства адчулі патрэбу ў перанясенні дасягненняў еўрапейскай адукацыі і навукі на сваю глебу.

Магутным каталізатарам прагрэсу ў гэтай сферы становіцца абвастрэнне рэлігійнай барацьбы ў Вялікім княстве Літоўскім паміж рэфармацыйным рухам і абнаўленчымі сіламі Рымска-каталіцкага касцёлу, асабліва яе авангардам – Таварыствам Ісуса, больш вядомым як Езуіцкі ордэн. Унікальная для Еўропы таго часу рэлігійная талерантнасць, якая ўсё яшчэ панавала ў грамадстве ВКЛ, стварала ў той сітуацыі ўмовы для вырашэння спрэчак у справах веры не на палях войнаў, а ў адкрытых дыскусіях і канкурэнцыі адукацыйных сістэм.

З верасня 1539 г. папа Павел ІІІ дае Ігнасіа Лаёле вусную згоду на стварэнне Таварыства Ісуса (невядомы аўтар, ХVII ст.)

З верасня 1539 г. папа Павел ІІІ дае Ігнасіа Лаёле вусную згоду на стварэнне Таварыства Ісуса (невядомы аўтар, ХVII ст.)

Яшчэ ў 1565 г., за некалькі гадоў да з’яўлення на землях ВКЛ, езуіты выступілі з планам заснавання ў Вільні калегіума. Езуіцкі ордэн быў манаскім ордэнам новага тыпу. Яго асноўнай мэтай з’яўляўся непасрэдны ўдзел у жыцці Каталіцкай царквы і ўсяго грамадства прац пропаведзь, місіянерства, выдавецкую і педагагічную дзейнасць. Унутраныя ўстаноўкі, атмасфера ў Ордэне, за аднаго боку, былі арыентаваныя на актывізацыю ўнутраных патэнцый індывідуальнасці, а з іншага – імкнуліся ўключыць яе ў жорстка арганізаваную структуру.

Да важнейшых захадаў па рэарганізацыі царкоўнага жыцця адносілася стварэнне сеткі навучальных устаноў для асоб як з духоўным званнем, так і без яго. У 1551 г. заснавальнік Таварыства Ісуса, іспанскі шляхціц Ігнасіа Лаёла звярнуўся да братоў па Ордэну з лістом, у які заклікаў ствараць езуіцкія калегіумы па ўсёй Еўропе. З 1548 г., калі пачаў працу першы такі калегіум у Месіне (Італія), і да смерці Лаёлы ў 1556 г. езуіты адчынілі ў Еўропе 33 навучальныя ўстановы для свецкіх асоб, а на адкрыццё яшчэ шасці была атрымана прынцыповая згода.

Святы Ігнасіа дэ Лаёла (Пітэр Паўль Рубенс, пачатак XVII ст.)

Святы Ігнасіа дэ Лаёла (Пітэр Паўль Рубенс, пачатак XVII ст.)

Педагагічныя намаганні езуітаў не абмяжоўваліся толькі гэтымі захадамі. Яны падмацоўваліся ордэнскай сістэма выхавання і адукацыі, якая заключалася, з аднаго боку, у падрыхтоўцы вопытных прапаведнікаў, палемістаў, выкладчыкаў, а з іншага – у стварэнні навучальных устаноў для падрыхтоўкі каталіцкіх святароў і місіянераў. Важнае месца ў планах Таварыства Ісуса займала таксама садзейнічанне ўз’яднанню «схізматыкаў-праваслаўных» з каталіцкім Рымам пры папскім вяршэнстве.

У 1569 г. пасля заключэння Каралеўствам Польскім і ВКЛ Люблінскай уніі, на тэрыторыі Вялікага Княства з’явіліся езуіты і пачалася работа па практычнай рэалізацыі гэтага праекту. У 1570 г. калегіум ў Вільне быў адчынены. Паспешлівасць, з якой гэтая ідэя была ўвасоблена ў жыццё, тлумачылася жаданнем пратэстантаў, галоўных ідэалагічных праціўнікаў езуітаў, стварыць у сталіцы сваю ўстанову падобнага тыпу. Згодна з апошняй воляй Мікалая Радзівіла Чорнага, найбуйнейшага дзеяча Рэфармацыі Беларусі і Літвы і аднаго з багацейшых магнатаў княства, на адкрыццё кальвінісцкай адукацыйнай установы вылучаліся вялікія сродкі. З гарачай падтрымкай гэтага праекту выступаў і стрыечны брат нябожчыка – Мікалай Радзівіл Руды, буйнейшы ваенны і дзяржаўны дзеяч той пары (да 1566 г. займаў пасады вялікага гетмана і ваяводы троцкага, а пасля – канцлера ВКЛ і ваяводы віленскага), новы лідэр пратэстантаў княства.

З самага пачатку выказвалася думка пра пераходны характар калегіума: на яго базе планавалася адкрыццё ўніверсітэта. Аднак фінансавыя і кадравыя цяжкасці некаторы час выклікалі сумненні ў хуткім поспеху гэтай задумы. Пасля таго, як у красавіку 1574 г. генерал (кіраўнік) Таварыства Ісуса ўсталяваў на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай самастойную Польскую правінцыю Ордэна на чале са сваім правілам, будучае езуіцкага ўніверсітэта ў Вільне, здавалася б набыло больш ясныя абрысы. Аднак уцёкі караля Генрыха Валуа назад у Францыю і пачатак чарговага бескаралеўя зноў парушылі стабільнасць дзяржавы. Абранне ж новым каралём і вялікім князем уладара пратэстанцкай Трансільваніі Стэфана Баторыя, якое здарылася дзякуючы рашучай падтрымцы пратэстантаў Рэчы Паспалітай, паставіла пад сумненне будучае і Польскай правінцыі, і езуіцкага ўніверсітэта.

Стэфан Баторый (Войцех Стэфаноўскі, 1576 г.)

Стэфан Баторый (Войцех Стэфаноўскі, 1576 г.)

Даволі нечакана для сябе езуіты знайшлі ў Стэфане Баторыі надзейнага саюзніка. Па-першае, новы кароль, трансільванскі венгр па паходжанні, кіраваў Рэччу Паспалітай, не ведаючы моў сваіх падданых, і карыстаўся ў дзяржаўных справах лацінская мовай. Для рэалізацыі задуманых пераўтварэнняў у краіне Стэфану Баторыю і ў цэнтры, і ў правінцыі былі неабходныя выдатна падрыхтаваныя людзі з вольным валоданнем лацінскай мовай. Па-другое, для свайго часу і свайго высокага дзяржаўнага статусу кароль быў вельмі адукаваным чалавекам. Ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце (заснаваны ў 1222 г., трэці са старэйшых універсітэтаў Еўропы і сёмы ў свеце), адкуль да яго выйшлі такія знакамітыя вучоныя, як гуманіст, пісьменнік, адзін з пачынальнікаў новай еўрапейскай архітэктуры і вядучы тэарэтык мастацтва эпохі Адраджэння італьянец Леон Батыста Альберці, буйнейшы нямецкі мысліцель, філосаф і тэолаг XV ст. Мікалай Кузанскі, астраном, матэматык, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы паляк Мікалай Капернік. Цікава, што Францыск Скарына атрымаў ступень доктара медыцыны менавіта ў Падуанскім універсітэце.

Стэфан Баторый не мог не бачыць, што неабходных дзяржаве людзей магла даць толькі эфектыўная сістэма школ. Кароль як прагматычны католік падтрымліваў адукацыйныя ініцыятывы іншых канфесій, у прыватнасці, даў прывілей праваслаўным брацкім школам у Львове і Вільне, у праграмы якіх акрамя рускай і грэчаскай, былі ўключаны лацінская і польская мовы. Тым не менш, максімальна хутка рыхтавала падобных выканаўцаў менавіта езуіцкая школа. Нездарма знакаміты англійскі філосаф і палітык Фрэнсіс Бэкан сцвярджаў: «Трэба браць прыклад са школ езуітаў, бо нічога не можа быць лепей за іх».

У 1577 г. папа рымскі Рыгор ХІІІ і кароль і вялікі князь Стэфан Баторый далі згоду на адкрыццё ў Вільні вышэйшай школы. У 1579 г. уладар дзяржавы выдаў Прывілей на адкрыццё Віленскай акадэміі. Папская була зацвердзіла наданне калегіуму, а цяпер ужо Віленскай акадэміі і ўніверсітэту Таварыства Ісуса (Academia et Universitas Vilnensis Societatis Iesu), статусу вышэйшай навучальнай установы. Віленская акадэмія разбурыла манаполію Кракаўскага ўніверсітэта на вышэйшую адукацыю ў краіне.

Папа Рыгор ХІІІ (Лавінія Фантана, канец XVI ст.)

Папа Рыгор ХІІІ (Лавінія Фантана, канец XVI ст.)

Утварэнне Віленскай езуіцкай акадэміі заклала грунтоўную базу пад далейшае пашырэнне ўплыву Таварыства Ісуса на землях Вялікага княства Літоўскага. Наступнымі мэтамі экспансіі езуітаў меліся стаць буйнейшыя цэнтры рэфармацыйнага руху і праваслаўя краіны – Нясвіж і Полацк.

На момант адкрыцця ў Вільні ўніверсітэта Полацк па-ранейшаму знаходзіўся ў руках войскаў маскоўскага цара Івана ІV Грознага. Але пасля ўзыходжання на прастол караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя (1576 г.) ход Лівонскай вайны патроху змяняўся на карысць «дзяржавы абодвух народаў». Летам 1579 г. аб’яднанае войска Каралеўства Польскага і ВКЛ выступіла на Полацк. Штурм горада прыходзілася наладжваць у вельмі неспрыяльных умовах. Ішлі бясконцыя дажджы, і ўсе спробы войска Стэфана Баторыя падпаліць замкавыя ўмацаванні не давалі аніякага плёну. Тады кароль і вялікі князь папрасіў манахаў-езуітаў, якія суправаджалі яго, добра маліцца, каб Бог злітаваўся і дараваў перамогу над маскоўцамі. У выпадку добразычлівага стаўлення Неба да просьбітаў, Стэфан Баторый паабяцаў падараваць езуітам у адваяваным горадзе і ваколіцах немалыя ўладанні і права заснаваць тут свой кляштар. 30 жніўня 1579 г. маскоўскі гарнізон у Полацку склаў зброю.

Трымаючы дадзенае езуітам слова, у той самы дзень, калі быў узяты Полацк, Стэфан Баторый накіраваў аднаму з ініцыятараў стварэння Віленскага ўніверсітэта і яго першаму рэктару Пятру Скаргу грамату з просьбай разам з іншымі манахамі Таварыства Ісуса прыбыць у вызвалены горад.

Пётр Скарга (1536–1612) атрымаў выдатную адукацыю ў Кракаве, Вене і Рыме. Пасля ўступлення ў езуіцкі ордэн ён актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць рэфармацыйнага руху на землях ВКЛ і зарэкамендаваў сябе як глыбокі вучоны-тэолаг, бліскучы аратар-палеміст і апантаны прапаведнік. Кароль Стэфан Баторый у сваім пасланні заклікаў Скаргу не зайздросціць іспанскім і партугальскім езуітам, якія нясуць святло каталіцкай веры па ўсім свеце і абяцаў, што той знойдзе «тут паблізу Індыю [г.зн. Амерыку] і Японію ў народзе рускім, у палачан, неабазнаных у справах Боскіх». 4 кастрычніка 1579 г. Стэфан Баторый дамовіўся з правінцыялам Таварыства Ісуса Франсіска Суньерам і Скаргам аб фінансавым забеспячэнні новага калегіума. 20 студзеня 1580 г. адпаведны ўстаноўчы дакумент быў падпісаны каралём, сенатарамі і іншымі вялікакняжацкімі службовымі асобамі.

Пётр Скарга як рэктар Віленскай Акадэміі (невядомы аўтар, да 1612 г.)

Пётр Скарга як рэктар Віленскай Акадэміі (невядомы аўтар, да 1612 г.)

Першыя езуіты прыязджаюць у Полацк у 1580 г. Пятра Скаргу, які асабіста вырашыў пазнаёміцца з сітуацыяй у горадзе, суправаджалі Станіслаў Лянчынскі, Ян Аланд і Войцех Гінцый. Нягледзячы на адкрытае супрацьдзеянне з боку мясцовага праваслаўнага насельніцтва і асабліва полацкага ваяводы, былога кальвініста Мікалая Монвіда Дарагастайскага, езуіты здолелі замацавацца ў горадзе. Сам Стэфан Баторый у 1580 і 1581 гг. наведваў Полацк і намагаўся забяспечыць ім любую патрэбную дапамогу. Гэткім чынам, пры патранажы самога манарха з 1581 г. распачаў сваю працу Полацкі езуіцкі калегіум – пяцікласная навучальная ўстанова філалагічна-тэалагічнага профілю. У 1582 г. у горадзе была заснавана яшчэ і семінарыя, разлічаная на выхаванне і адукацыю дзяцей беднай шляхты.

Пасля працяглага аспрэчвання з боку праваслаўных і пратэстантанцкіх паслоў сойм Рэчы Паспалітай у 1585 г. зацвердзіў каралеўскае рашэнне аб дараванні езуітам права на заснаванне калегіума ў Полацку. У выніку ў распараджэнні Таварыства Ісуса аказаліся 82 вёскі і фальварка, а таксама праваслаўныя манастыры і цэрквы горада за выключэннем Сафійскага сабора, млын пад Верхнім замкам і перавоз праз Дзвіну. Крыху пазней Таварыства Ісуса праз абмен з горадам атрымала яшчэ і востраў на Дзвіне і слабаду Экімань.

Важнейшую ролю ў адукацыйнай сістэме езуітаў адыгрываў «Статут і парадак навучання ў Таварыстве Ісуса», ці Ratio studiorum (поўная назва – Ratio atque institutio studiorim Societatis Iesu), распрацаваны пад караўніцтвам генерала Ордэна Клаўдыа Аквававы. Працэс распрацоўкі гэтага важнага дакумента служыць цудоўнай ілюстрацыяй грунтоўнага і ўдумлівага падыходу езуітаў да справы выхавання і адукацыі. Спачатку па ініцыятыве Аквавівы ў Рыме быў створаны творчы калектыў з шасці найбольш абазнаных у галіне выкладання езуітаў, якія падрыхтавалі першы варыянт Ratio studiorum. Затым у якасці праекта ён быў разасланы ў правінцыі, дзе для яго апрабацыі і дапрацоўкі правінцыяламі былі створаны спецыяльныя камісіі. Працэс апрабацыі педагагічных прынцыпаў, закладзеных у падмурак тэксту, і кансультацый правінцыйных камісій з цэнтральнай цягнуўся 13 гадоў, пакуль на базе агульнай згоды не быў створаны канчатковы варыянт, зацверджаны генералам Аквавівай у 1599 г.

Тытульны ліст Ratio Studiorum (Рым, 1606 г.)

Тытульны ліст Ratio Studiorum (Рым, 1606 г.)

Паводле «Статута», галавой усіх яго навучальных устаноў з’яўляўся генерал Ордэна. Шырокімі паўнамоцтвамі карысталіся яго намеснікі ў правінцыях – правінцыялы. Правінцыял кіраваў навучальнымі ўстановамі, якія знаходзіліся на даручанай яму тэрыторыі, прызначаў прэфектаў і настаўнікаў, вызначаў для школ правінцыі час пачатку і заканчэння заняткаў, канікулярны тэрмін і г.д. Таксама ён ажыццяўляў падбор кандыдата на пасаду рэктара калегіума і потым прадстаўляў яе на канчатковае зацвярджэнне генерала. Галавой калегіума з’яўляўся рэктар: ён кантраляваў дзейнасць установы і даваў штогадовую пісьмовую справаздачу аб ёй правінцыялу.

Непасрэднае штодзённае кіраванне калегіумам належала прэфекту. Гэтая пасада магла дастацца толькі членам Ордэна, якія атрымалі выдатную адукацыю, мелі вялікі вопыт і заслугі на педагагічнай ніве. Прэфекты абавязаны былі штомесяц наведваць адзін з заняткаў кожнага з настаўнікаў, час ад часу правяраць пісьмовыя работы вучняў. Яны адказвалі за дыспуты, што ладзіліся ў школе, арганізоўвалі і праводзілі вусныя і пісьмовыя экзамены, прымалі вучняў-навічкоў, давалі дазвол на перавод у старэйшыя класы і г.д.

Выкладанне ажыццяўлялася настаўнікамі. Іх падрыхтоўка і адбор станавіліся прадметам асаблівага клопату Таварыства Ісуса. Першапачаткова маладому чалавеку, які збіраўся звязаць свой лёс з педагагічнай дзейнасцю, трэба было прайсці двухгадовае навучанне ў навіцыяце. Па яго заканчэнні прыносіліся тры звычайныя манаскія абяцанні – жабрацтва, цноты і послуху. Гэткім чынам, яны пераходзілі ў разрад схаластыкаў (схаластаў). На працягу наступных двух гадоў яны былі павінны праходзіць паглыбленае вывучэнне класічных моў, а таксама сучаснай еўрапейскай мовы, якая была ва ўжытку той краіны, куды кіраўніцтва збіралася накіраваць маладога педагога. Паспяховае авалоданне мовамі дазваляла перайсці да вывучэння філасофіі, фізікі і матэматыкі. Калі ў адным з гэтых прадметаў, а таксама ў філалогіі схаластык выяўляў асаблівыя здольнасці, для паглыблення набытых ведаў ён мог дадаткова займацца гэтым прадметам на працягу года. Пасля паспяховай здачы экзаменаў яго дапускалі да выкладання ў ніжэйшых класах, дзе неабходна было адпрацаваць пад пільным кантролем з боку рэктара тры гады. Тым схаластыкам, якія добра зарэкамендавалі сябе ў практычнай дзейнасці, давалася магчымасць на працягу чатырох гадоў вывучаць тэалогію, права, царкоўную гісторыю, паглыбляць веды сучасных і класічных моў. У вышэйшых установах Ордэна дапускаліся да выкладання самых складаных і адказных дысцыплін – філасофіі і тэалогіі – толькі тыя схаластыкі, якія вытрымлівалі ўсе іспыты на «выдатна». Толькі ім дазвалялася прынесці чацвёртае манаскае абяцанне – беспярэчна падпарадкоўвацца рымскаму папу. Гэткім чынам, працэс падрыхтоўкі выкладчыка-езуіта звычайна займаў 15 гадоў!

Стварэнне ўніфікаванай сістэмы адукацыі стала вяршыняй дасягненняў езуіцкай школы. Лаканічныя і ясныя прадпісанні адносна навучальных праграм, раскладу заняткаў, прафесараў і падручнікаў аблягчалі працу рэктараў і выкладчыкаў. Пазней Ratio studiorum ставілі ў віну тое, што ён быў недастаткова адкрыты для навацый, у прыватнасці, для навук, якія хутка развіваліся. Вельмі актуальная і запатрабаваная ў выніку пераможнай навуковай рэвалюцыі XVII ст. эксперыментальная фізіка была дапушчана ў езуіцкую адукацыю толькі ў 1730 г. Тым не менш, той факт, што езуіцкі школьны статут з нязначнымі зменамі дзейнічаў да ХІХ ст., не можа не сведчыць аб высокай якасці гэтага дакумента. Вялікім плюсам езуіцкай адукацыі была ягобясплатнасць, што адкрывала шлях да ведаў прадстаўнікам самых розных слаёў насельніцтва. Крытыкі Таварыства Ісуса заўжды намагаліся пакпіць з «быццам бы бясплатнага» навучання ў езуітаў. Аднак метады генерацыі фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў са знешняга асяроддзя, што выкарыстоўваліся кіраўніцтвам езуіцкіх калегіумаў, у тым ліку і бацькоўскіх ахвяраванняў, былі вельмі эфектыўнымі, а сёння лічацца цалкам прымальнымі для дырэктараў школ і носяць рэспектабельную назву «фандрайзінг». Яшчэ адным важным прынцыпам арганізацыі езуіцкай адукацыі была яго даступнасць для прадстаўнікоў усіх хрысціянскіх канфесій. З гэтай прычыны ў ВКЛ ва ўсіх установах Таварыства Ісуса традыцыйны вучылася шмат уніятаў і праваслаўных.

Полацкі езуіцкі калегіум уяўляў сабой пяцікласную гімназію, тэрмін навучання ў якой звычайна быў разлічаны на 6 – 7 гадоў. Першы клас насіў назву «ніжэйшай (першай) граматыкі» ці інакш «інфімы» (infima classis grammaticae, infima). Калі яго праграма расцягвалася на два гады, першы год навучання называўся infima minor (parva), а другі – infima major. У другім класе, «сярэдняй (другой) граматыкі» ці проста «граматыкі» (media classis grammaticae, grammaticae), завяршалася вывучэнне граматыкі лацінскай мовы і пачыналася засваенне грэчаскай мовы. Заняткі ў трэцім класе, «вышэйшай (трэцяй) граматыкі» ці «сінтаксісу» (suprema classis grammaticae), былі скіраваны на ўдасканаленне лаціны і авалоданне грэчаскай мовай. Пасля заканчэння граматычнай школы вучань пераходзіў у клас humanitas ці, як часцей яго называлі, «паэзіі» (poesis). Грунтоўная прапрацоўка найлепшых антычных узораў – твораў Цыцэрона, Вергілія, Гарацыя, Цэзара, Сенэкі, Платона, Плутарха, Гесіода – дазваляла замацаваць набытыя веды ў класічных мовах і закласці трывалую базу для будучых заняткаў красамоўствам. Заключным этапам навучання станавілася наведванне класа «рыторыкі» (rethorica), разлічанага на два гады. Вучні спасцігалі тэорыю аратарскага мастацтва і выпрацоўвалі ўласны стыль маўлення. Апошняму садзейнічала выкананне вялікай колькасці практыкаванняў і ўдзел у аратарскіх выпрабаваннях. Не выключана, што, як і ў іншых вялікіх калегіумах, у полацкім з часам з’явіўся клас proforma, які забяспечваў элементарны базавы ўзровень ведаў – авалоданне чытаннем і пісьмом, гэта значыць, з’яўляўся па сутнасці падрыхтоўчым класам. Але часцей за ўсё навучэнцы на момант паступлення ўжо атрымлівалі пачатковую адукацыю ў школцы альбо ад нанятага бацькамі хатняга настаўніка.

У першы навучальны год у калегіуме займаліся толькі 5 хлопчыкаў. Як можна меркаваць, нягледзячы на зусім сціплую вучнёўскую аўдыторыю, новая адукацыйная ініцыятыва знайшла сярод мясцовай знаці сваіх удзячных прыхільнікаў. Сярод першых навучэнцаў былі блізкія сваякі гарачых апанентаў Таварыства Ісуса – сын згаданага полацкага ваяводы і пляменнік праваслаўнага епіскапа Феафана (Рыпінскага). Астатнія, хутчэй за ўсё, паходзілі з мясцовай і зусім нешматлікай тады каталіцкай шляхты.

Па першапачатковай задуме ўсе езуіцкія пабудовы планавалі паставіць на дзвінскім востраве на месцы манастыра Іаана Прадцечы. Але з меркаванняў бяспекі (буйныя мураваныя пабудовы на востраве маглі быць выкарыстаныя ворагам пад час аблогі гораду) Сенат Рэчы Паспалітай дазволіў тут размясціць толькі калегіум. Пазней, пра гэта сведчыць і адпаведная каралеўская грамата, будынкі кляштара, касцёла і калегіума сталі ўзводзіць на высокім правым беразе Дзвіны, недалёка ад Сафійскага сабора – паміж Верхнім замкам і рынкавай плошчай. Езуіцкі касцёл, які ўвайшоў у комплекс забудовы калегіума, быў асвечаны ў гонар Звеставання Дзевы Марыі і нябеснага апекуна караля – Святога Стэфана.

У далейшым колькасць навучэнцаў полацкіх езуітаў узрастала. У 1591/92 навучальным годзе (на жаль, пра папярэднія гады дадзеныя адсутнічаюць) заняткі адбываліся ў трох класах граматыкі, з 1595/96 н.г. у калегіуме сталі займацца і ў класе паэзіі.

Да сваёй заўчаснай смерці ў 1586 г. Стэфан Баторый паспеў заснаваць восем езуіцкіх калегіумаў. За такімі тэмпамі росту ордэнскіх навучальных устаноў не маглі паспець і самі езуіты. Кіраўнік Польскай правінцыі Таварыства Ісуса ў сваім лісце каралю жаліўся: «… Укамплектаваць калегіумы людзьмі ў тым стане, які ёсць зараз, цалкам немагчыма, таму што няма ў мяне іх пад рукой. І, што горш, я зараз не проста спраўных, а наогул аніякіх не маю таварышаў». Для заснавання ў сваёй улюбёнай Гародні (горад у той час пераўтвараецца ў неафіцыйную сталіцу Рэчы Паспалітай) калегіума Стэфан Баторый нават накіраваў папу Рыгору ХІІІ спецыяльны ліст з просьбай адшукаць для яго падрыхтаваных педагогаў у больш забяспечаных кадрамі правінцыях. Смерць караля адклала стварэнне Гродзенскага езуіцкага калегіума на цэлых трыццаць пяць гадоў.

Тым не менш, пашырэнне сеткі езуіцкіх калегіумаў было працягнута. Перыяд каралявання Жыгімонта ІІІ Вазы (1587-1632) стаў сапраўдным «залатым векам» для езуітаў Рэчы Паспалітай. З года ў год у краіне з’яўляліся новыя калегіумы – у Луцку (1606), Львове (1608), Оршы (1612), Брэсце (1632) і іншых гарадах. А 6 снежня 1605 г. папа Павел V на просьбу полацкага рэктара Валенція Матысевіча сваім брэве зацвердзіў заснаванне Полацкага езуіцкага калегіума.

Жыгімонт ІІІ Ваза (невядомы аўтар, каля 1620 г.)

Жыгімонт ІІІ Ваза (невядомы аўтар, каля 1620 г.)

На першых парах сваёй дзейнасці і ў Полацку езуіты сутыкаліся з пэўнымі кадравымі праблемамі. Вядома, напрыклад, што ў 1591/1592 навучальным годзе з трох выкладчыкаў ніводны не меў ступені прафесара. Упершыню пра гэтую пасаду ўзгадваюць толькі дакументы 1593/1594 навучальным годзе. У 1605/1606 навучальным годзе ўжо ўсе тры выкладчыкі з’яўляліся прафесарамі. У 1649/1650 навучальным годзе прафесараў стала ўжо чацвёра, што, праўда, складала толькі палову ад усяго педагагічнага складу калегіума.

Кадравая нестабільнасць была даволі звыклай справай у падначаленых езуітам установах. Па-першае, Таварыства Ісуса актыўна практыкавала ратацыю педагогаў – больш за тры гады запар у адным месцы выкладчыкі не працавалі. Па-другое, вельмі часта свае карэктывы ўносілі палітычныя і ваенныя абставіны часу. Тыя ж праблемы былі ўласцівыя і другому найстарэйшаму калегіуму на сучаснай тэрыторыі Беларусі – Нясвіжскаму (заснаваны ў 1586 г.), хаця колькасць і доля прафесараў у ім доўгі час былі прыкметна большымі (у 1615/1616 сямёра з сямі, а ў 1616/1617 пяцёра з пяці, а ў 1648/1649 васьмёра з васьмі выкладчыкаў).

У працэсе адукацыі і выхавання навучэнцаў у духу адданасці каталіцкаму касцёлу і распаўсюджвання яго ўплыву на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага езуіты імкнуліся да шырокага выкарыстання музыкі. Менавіта на гэтым перакананні была заснавана дзейнасць бурсаў (капэлаў). У перыяд з 1586 па 1597 гг., калі ў Полацку ў распараджэнні Таварыства Ісуса з’явіліся новыя драўляныя будынкі, была створана Полацкая езуіцкая бурса – музычная школа для здольных да музыкі дзяцей беднай шляхты. Вучні пражывалі ў езуітаў на поўным пансіёне і задарма вывучалі навукі і музыку. Навучэнцы бурсаў удзельнічалі ў богаслужэнні, а таксама ўдзельнічалі ва ўсіх царкоўных і грамадзянскіх мерапрыемствах горада.

Прывабнасці езуіцкай адукацыі заўжды спрыяла адсутнасць у ёй саслоўных і канфесійных абмежаванняў, яе бясплатнасць. Пашырэнню вучнёўскай аўдыторыі езуітаў у Полацку першапачаткова магла садзейнічаць вельмі прагматычная моўная палітыка Таварыства Ісуса. Пры адкрыцці езуіцкіх навучальных устаноў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага кіраўніцтва Ордэна пайшло на ўключэнне ў праграму беларускай мовы асобнай дысцыплінай. Першыя звесткі пра яе выкладанне ў Полацку з’яўляюцца ў 1584 г., літаральна праз некалькі гадоў пасля ўвядзення віленскімі езуітамі. Калі меркаваць па сталічных дадзеных (дакладная інфармацыя па Полацку адсутнічае), двойчы на дзень вучні чыталі і пісалі абраныя настаўнікам урыўкі з «Евангелля» або «Катэхізіса», перакладалі і завучвалі іх на памяць. Безумоўна, беларуская мова адыгрывала ў працэсе ордэнскай адукацыі другарадную ролю. Як прызнавалі самі езуіты, родная мова вывучалася толькі, каб «дзеці прызвычайваліся да лацінскіх літар і абрадаў». Але ў новым школьным статуце Ratio studiorum (Ratio atque institutio studiorum Societatis Iesu – «Разуменне і арганізацыя навучання ў Таварыстве Ісуса»), зацверджаным у 1599 г., вывучэнне мясцовых моў у езуіцкіх установах ужо не прадугледжвалася і нават не дазвалялася іх ужыванне ў сценах alma mater. На практыцы на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай і ў працэсе выкладання новага матэрыялу, і пад час наладжвання пазааўдыторных мерапрыемстваў шырока карысталіся польскай мовай.

Далейшаму распаўсюджанню ўплыву езуітаў і павышэнню папулярнасці іх калегіума не магло не паспрыяць адкрыццё ў 1585 г. вучнёўскага тэатра (праіснаваў да 1819 г.). У ім ставіліся пераважна драмы на рэлігійныя, міфалагічныя і гістарычныя сюжэты. Звычайна пастаноўкі ладзіліся на лаціне (радзей па-польску), але часам, як, напрыклад, у 1603 г., нават па-беларуску.

Развіццю навучальнай установы не здолелі сур’ёзна зашкодзіць нават неспрыяльныя абставіны пачатку ХVII ст. Напрыклад, у 1601 г. ад голаду і эпідэміі загінула нямала палачан (называюць нават неверагодную лічбу – 15 тысяч чалавек!). Але езуіты і гэтыя цяжкасці здолелі выкарыстаць на сваю карысць. У 1600 г. яны кармілі ў сваім кляштары некалькі соцень згаладалых жыхароў Полаччыны, якія шукалі ратунку ў горадзе. Несумненна, гэтая дабрачыннасць таксама не магла не саслужыць ім добрую службу ў справе папулярызацыі сваёй адукацыі сярод мясцовага насельніцтва. Ужо ў 1605 г. з увядзеннем у навучальны працэс курса рыторыкі ў калегіуме пачынае дзейнічаць сярэдняя школа.

Полацкі езуіцкі калегіум хутка ператвараецца ў адзін з цэнтраў падрыхтоўкі педагагічных кадраў Ордэна. Першапачаткова выкладчыкі, якія працавалі на тэрыторыі ВКЛ, належалі амаль выключна да гадаванцаў польскіх школ Таварыства Ісуса (Пултуска, Познані, Яраслава). З утварэннем у 1608 г. Літоўскай правінцыі, ядро якой склалі землі Вялікага княства Літоўскага, перад кіраўніцтвам новай самастойнай арганізацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Ордэна паўстала задача падрыхтоўкі ўласных педагогаў. Сярод піянераў гэтай справы быў Полацкі езуіцкі калегіум. У 1609/1610 н.г. тут пачалі вучыць настаўнікаў рыторыкі.

Можна нават казаць пра з’яўленне ў Полацку ўласнай педагагічнай школы. Ля яе вытокаў стаяў і нядаўні выпускнік Віленскай акадэміі Мацей Казімір Сарбеўскі (1595–1640). Спачатку ён выкладаў у Полацку рыторыку (1618-1620), потым працягваў адукацыю ў Германіі і Італіі. У Вечным горадзе за апублікаваны ў Кёльне лацінамоўны паэтычны зборнік вершаў Lyricorum libri tres («Тры кнігі вершаў», 1625 г.) ён атрымаў з рук папы Урбана VIII лаўровы вянок і залаты медаль (падобны гонар у свой час здабылі славутыя італьянскія паэты Дантэ Аліг’еры і Франчэска Петрарка) – узнагароду, якую па значнасці можна параўнаць з сучаснай Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры. У 1626 г. М.К. Сарбеўскі зноў быў прызначаны настаўнікам рыторыкі Полацкага калегіума.

Мацей Казімір Сарбеўскі (невядомы мастак, сярэдзіна XVII в.)

Мацей Казімір Сарбеўскі (невядомы мастак, сярэдзіна XVII в.)

Праца ў Полацку, несумненна, адыграла важную ролю ў станаўленні яго творчай асобы. Менавіта ў час свайго першага прыезду ў Полацк гэты ў недалёкім будучым выдатны дзеяч культуры Рэчы Паспалітай і усёй Еўропы, бліскучы новалацінскі паэт, філосаф, тэолаг, тэарэтык літаратуры і красамоўства пачаў працу над сваімі фундаментальнымі даследаваннямі па тэорыі паэзіі і красамоўству. Якраз у Полацку былі ўпершыню прачытаныя яго фундаментальныя курсы па тэорыі паэзіі, красамоўстве і антычных старажытнасцях («Пра дасканалую паэзію, або Вяргілій і Гамер», «Лекцыі па паэтыцы», «Багі язычнікаў, або Тэалогія, філасофія прыроды і этыка, палітыка, эканоміка, астраномія і іншыя мастацтвы і навукі»). Не дзіва, што ўжо ў 1627 г. М.К. Сарбеўскі быў накіраваны выкладаць у галоўную навучальную ўстанову ВКЛ – Віленскі ўніверсітэт.

Тытульны ліст Lyricorum libri III М.К. Сарбеўскага (Кёльн, 1625)

Тытульны ліст Lyricorum libri III М.К. Сарбеўскага (Кёльн, 1625)

У 1632 г. Віленскі ўніверсітэт прысудзіў яму ступень доктара філасофіі, а ў 1636 г. – і яшчэ больш статусную ў тыя часы навуковую ступень – доктара тэалогіі. Аднак асаблівую славу М.К. Сарбеўскі здабыў на паэтычнай ніве. Празваны «Гарацыям Сарматыі» і «хрысціянскім Гарацыям», паэт публікаваў свае творы не толькі ў Вільні, але таксама ў Вроцлаве, Дыжоне, Кембрыджы, Лейдэне, Лондане, Мілане, Парыжы, Рыме і г.д. Яго кнігі станавіліся сапраўднай падзеяй у культурным жыцці Еўропы, нездарма антверпенскае выданне «Трох кніг вершаў» (1632) было ўпрыгожана медзярытамі вялікага фламандскага мастака Пітэра Паўля Рубенса і выйшла гіганцкім для таго часу 5-тысячным накладам.

Франтыспіс Lyricorum libri IV М.К. Сарбеўскага, аздоблены медзерытам Пітэра Паўля Рубенса (Антверпен, 1632)

Франтыспіс Lyricorum libri IV М.К. Сарбеўскага, аздоблены медзерытам Пітэра Паўля Рубенса (Антверпен, 1632)

Справу М.К. Сарбеўскага працягнуў адзін з яго вучняў Сігізмунд Лаўксмін (1596 – 1670), аўтар першых айчынных падручнікаў па грэчаскай мове, музыцы і рыторыцы. Яго праца «Практычнае красамоўства, або правілы рытарычнага майстэрства…» двойчы выдавалася ў Рэчы Паспалітай і яшчэ адзінаццаць разоў – за яе межамі (Вена, Кёльн, Мюнхен, Прага і інш.). Гэты падручнік не страціў сваёй папулярнасці да самага канца XVIII ст.

Нягледзячы на агульную гуманітарна-рэлігійную арыентацыю навучальнай праграмы ордэнскіх устаноў, паступова адваёўвалі сабе месца ў ёй і прыродазнаўчыя дысцыпліны. Па настойлівых патрабаваннях бацькоў у некаторых школах Польскай правінцыі з канца XVI ст. сталі выкладаць арыфметыку, і з пачатку XVII ст. мясцовыя езуіты неаднаразова звярталіся ў Рым з просьбай афіцыйна зацвердзіць гэтую практыку. У 1614 г. іх намаганні нарэшце ўвянчаліся поспехам. Падобным чынам у навучальны працэс была ўключана і фізіка.

Езуіцкіх навучальных устаноў гэтыя прагрэсіўныя павевы дасягалі з некаторым спазненнем з-за недахопу адпаведных педагагічных кадраў. У 1649/1650 навучальным годзе выкладанне матэматыкі і фізікі пачалося і ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Полацк апынуўся сярод піянераў абнаўлення праграмы навучання. Толькі некалькімі гадамі раней выкладаць фізіку пачалі ў Аршанскім калегіуме (з 1646/1647 н.г.), а матэматыку – у Пінскім (з 1647/1648 н.г.).