Універсітэцкi гадзіннік
«Універсітэцкі гадзіннік»
У маі 2011 года ўнутраны дворык Полацкага калегіума ўпрыгожыў арыгінальны Гадзіннік. «Універсітэцкі гадзіннік» - кампазіцыя сімвалічная. З ніш, размешчаных пад цыферблатам, з'яўляюцца фігуркі выбітных гістарычных асоб Полацкай зямлі: Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, першага рэктара Полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі. За імі ідуць зборныя вобразы прафесара і студэнта. Шэсце суправаджаюць гукі гімна ўсіх студэнтаў Gaudeamus і афіцыйнага гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, аўтарам слоў якога з'яўляецца вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін, а кампазітарам – Віктар Малых.
Падобная славутасць ёсць яшчэ ў двух універсітэцкіх гарадах Еўропы – Кракаве і Празе. Полацкі Гадзіннік штодня прываблівае жыхароў горада і шматлікіх турыстаў ва ўнутраны дворык універсітэта.
