27 сакавіка на гуманітарным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай адбылася прэзентацыя аўтарскага дапаможніка «Настольная кніга настаўніка гісторыі». Прадставіў кнігу студэнтам 2–3 курсаў спецыяльнасці «Гісторыя» яе аўтар, галоўны рэдактар навукова-тэарэтычнага, навукова-метадычнага часопіса «Беларускі гістарычны часопіс» кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Карзюк.

Аляксандр Аляксандравіч Карзюк

Аляксандр Аляксандравіч Карзюк

Загадчык кафедры гісторыі і сацыягуманітарных навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алена Мікалаеўна Барун расказала пра супрацоўніцтва выкладчыкаў кафедры з часопісам. Так, яго аўтарамі з'яўляюцца прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Алеся Іосіфаўна Корсак, дацэнты кафедры Алена Вячаславаўна Сумко і Уладзімір Яўгенавіч Аўсейчык. Асаблівая ўвага была ўдзелена важнасці фарміравання прафесійных кампетэнцый педагога-гісторыка.

Алена Мікалаеўна Барун

Алена Мікалаеўна Барун

Аўтар кнігі раскрыў гісторыю стварэння і змест дапаможніка, які з'явіўся з часопіснай рубрыкі «Школа маладога настаўніка», распавёў пра сакрэты педагагічнага майстэрства, якія знайшлі адлюстраванне ў ёй, звярнуў увагу на яе практыкаарыентаваны характар. Прызнаннем высокага ўзроўню выдання стаў дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Сучасны падручнік» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў 2024 годзе.

Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя»

Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя»

Дацэнт кафедры гісторыі Новага і Найноўшага часу гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Генадзевіч Ларыёнаў расказаў пра вопыт узаемадзеяння з часопісам «Беларускі гістарычны часопіс», прывёў канкрэтныя прыклады прымянення дапаможніка ў працы студэнта-практыканта і настаўніка-пачаткоўца. Як пераможца конкурсу на лепшую навуковую публікацыю 2024 года, прысвечанага Году якасці, Дзяніс Генадзевіч распавёў аб тэхналогіі падрыхтоўкі навуковага артыкула і працы над яго зместам.

Аўтарскі дапаможнік «Настольная кніга настаўніка гісторыі»

Аўтарскі дапаможнік «Настольная кніга настаўніка гісторыі»

Прэзентацыя суправаджалася інтэрактыўным квізам па старонках «Настольнай кнігі» і завяршылася дыскусіяй пра місію педагога-гісторыка XXI стагоддзя.