Для першакурснікаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай завяршыўся Тыдзень ведаў. За некалькі дзён дзеці пазнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі ўніверсітэта, даведаліся пра яго падраздзяленні, студэнцкія аб'яднанні і магчымасці для вучобы, творчасці і развіцця.
У Дзень ведаў першакурснікі наведалі канцэрт «Прысвячэнне ў студэнты». Рэктар уручыў моладзі сімвалічны «Ключ ведаў», а старшакурснікі перадалі ім «Агонь ведаў» – сімвал пераемнасці пакаленняў. Святочную праграму дапоўнілі выступленні танцавальных калектываў «SJ Crew», «ToryDance», вакалістаў «Настроение» і «Inventa», а таксама ўдзел байцоў студэнцкіх атрадаў.
Знаёмства з універсітэтам працягнула цырымонія «Рэктарскі ўваход» – традыцыя, якой ужо больш за 300 гадоў. У сценах Полацкага калегіума першакурснікі ўнеслі свае імёны ў Кнігу студэнтаў. Наступны запіс яны зробяць праз чатыры гады, пасля заканчэння навучання. Рэктар Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі пажадаў хлопцам і дзяўчатам паспяхова прайсці гэты шлях і нагадаў, што статус студэнта Полацкага ўніверсітэта – гэта не толькі новыя магчымасці, але і адказнасць.
На ваеннай кафедры першакурснікі даведаліся пра умовы паступлення, праграмы падрыхтоўкі і дысцыпліны, якія можна асвоіць дадаткова да асноўнай грамадзянскай спецыяльнасці. Палкоўнік, начальнік ваеннай кафедры Леанід Сулеймановіч Мірзатаеў распавёў пра навыкі, якія атрымліваюць студэнты, і магчымасці, якія адкрываюцца перад выпускнікамі пасля навучання на кафедры.
У Цэнтры стартапаў і прадпрымальніцкіх ініцыятыў «StartupLive» студэнтам распавялі пра тое, як ператварыць уласную ідэю ў праект. Маладыя людзі могуць атрымаць тут дапамогу ў распрацоўцы бізнес-плана, маркетынгу, прававых і падатковых пытаннях, фарміраванні асабістага брэнда. Праца над праектамі таксама дапамагае развіваць навыкі камунікацыі, планавання, аналітыкі і лідэрства.
Пра магчымасці Цэнтра вывучэння замежных моў першакурснікі даведаліся на сустрэчы з яго прадстаўнікамі. Акрамя вывучэння моў, цэнтр прапануе падрыхтоўку да міжнародных іспытаў, лінгвістычныя клубы і зносіны з носьбітамі мовы. Асобна дзецям расказалі пра акадэмічную мабільнасць: праграмы абмену дазваляюць прайсці частку навучання ў замежным універсітэце-партнёры, пазнаёміцца з іншай культурай, пашырыць прафесійныя сувязі і атрымаць вопыт вучобы ў новым асяроддзі.
Важнай часткай Тыдня ведаў сталі сустрэчы з прадстаўнікамі студэнцкага цэнтра, дзякуючы якому студэнты могуць знайсці аднадумцаў і далучыцца да розных ініцыятыў – ад работы студэнцкай інфармацыйна-сэрвіснай службы і службы парадку да творчых і грамадскіх праектаў.
У студэнтаў ёсць магчымасць паспрабаваць сябе ў журналістыцы, стварэнні відэа і іншых медыянапрамках. Газета «Насцеж» распавядае аб падзеях універсітэта, вучобе, навуцы і студэнцкім жыцці, а відэастудыя «Канспект» дапамагае асвоіць рэжысуру, мантаж і стварэнне відэакантэнту.
Першавая прафсаюзная арганізацыя займаецца абаронай правоў студэнтаў і падтрымлівае іх пазавучэбныя ініцыятывы. БРСМ дае магчымасць атрымаць працоўны вопыт у складзе студэнцкіх будаўнічых і вытворчых атрадаў, праявіць сябе ў камандзе і прыняць удзел у рэспубліканскіх і міжнародных праектах.
Яшчэ адзін напрамак для актыўных студэнтаў – валантэрскі рух: удзел у сацыяльных праектах і дабрачынных акцыях дазваляе дапамагаць іншым і адначасова развіваць навыкі каманднай працы, зносін і арганізацыі мерапрыемстваў.
Універсітэцкія творчыя калектывы аб'ядноўваюць студэнтаў, якія займаюцца музыкай, танцамі і аратарскім мастацтвам. Сустрэцца з прадстаўнікамі кожнага напрамку першакурснікі змогуць на працягу наступнага тыдня па графіку.
Асобныя сустрэчы прайшлі з рэктарам, прадстаўнікамі адміністрацыі, дэканамі і загадчыкамі кафедраў. Рабятам распавялі аб універсітэцкай карпаратыўнай культуры, правілах паводзін і камунікацыі. Статус студэнта вышэйшай навучальнай установы накладвае пэўную адказнасць на свайго ўладальніка, таму рэктар падкрэсліў важнасць падтрымання іміджу студэнта як унутры ўніверсітэта, так і за яго межамі.
З працай аддзела па сувязях з грамадскасцю першакурснікаў пазнаёміў яго начальнік Аркадзь Сцяпанавіч Ларыёнаў. Спікер пазнаёміў першакурснікаў з тым, як фарміруецца інфармацыйны парадак дня ўніверсітэцкіх медыярэсурсаў, ствараюцца фота- і відэаматэрыялы, а таксама распрацоўваюцца дызайнерскія рашэнні для інфармацыйных матэрыялаў, брашур, лагатыпаў, буклетаў, прэзентацый і іншых элементаў вобраза універсітэта. Прадстаўнікі Цэнтра інфармацыйных тэхналогій распавялі аб лічбавых сэрвісах універсітэта, карпаратыўных акаўнтах і правілах абароны персанальных дадзеных.
Завяршылі знаёмства з універсітэцкімі магчымасцямі прадстаўнікі Спартыўнага клуба. Яны расказалі пра секцыі, трэніроўкі і спаборніцтвы, у якіх могуць удзельнічаць студэнты. Для першакурснікаў гэта яшчэ адзін спосаб знайсці аднадумцаў і ўключыцца ва ўніверсітэцкае жыццё па-за заняткамі.
Студэнты падзяліліся сваімі ўражаннямі пра першыя дні універсітэцкага жыцця:
Карына Аляксеева, студэнтка 1 курса гуманітарнага факультэта: «Маё першае ўражанне аб універсітэце і калегіуме вельмі станоўчае. Ужо зараз я магу сказаць, што тут неверагодна шмат актыўнасцяў і калектываў. І ўсе радыя бачыць першакурснікаў у сваіх шэрагах! Удвая прыемна, што ўжо з першага курса нас падтрымліваюць выкладчыкі і куратары. Гэта надае ўпэўненасці і рашучасці. Я разлічваю на займальныя, карысныя і цікавыя 4 гады на гуманітарным факультэце!»
Станіслаў Урбан, студэнт 1 курса інжынерна-будаўнічага факультэта: «Мяне вельмі ўразілі залы Полацкага калегіума. Тут невымоўная атмасфера мінулага. Цікавая гісторыя, поўная традыцый і выдатных асоб. Гэта ўсё вельмі натхняе і стварае адчуванне, што вучоба ва ўніверсітэце – гэта захапляльна!»
На гэтым тыдзень знаёмства першакурснікаў з Полацкім універсітэтам завяршаецца. Чакаем вас у складзе нашых творчых аб'яднанняў і сярод падпісантаў сацыяльных сетак. Прадуктыўнай вучобы!
























