Другі год запар студэнты гуманітарнага факультэта маюць цудоўную магчымасць наведаць Швецыю. З 26 па 30 лістапада пры падтрымцы і фінансаванні шведскай дзяржаўнай установы Svenska Institutet (SI) адбыўся візіт студэнтаў ГФ Арыны Бекер, Наталлі Багданавай, Аляксандра Калача, Анастасіі Мішачкінай, Аляксея Паўлоўскага, магістранткі Валерыі Карнейчык і выкладчыка шведскай мовы кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгена Папакуля ў Стакгольм.

shveciya 1

Праграма паездкі была надзвычай насычанай. Падчас шматлікіх мерапрыемстваў група з Полацка наведала Стакгольмскі ўніверсітэт, універсітэт Сёдэрторн, Каралеўскую бібліятэку, галоўны офіс Svenska Institutet, офіс Шведскага радыё і Шведскі Парламент. Таксама ў праграму ўвайшоў шэраг лекцый, прысвечаных пытанням экалогіі, эканоміі вады, моладзевым і студэнцкім арганізацыям Швецыі.

shveciya 2

Студэнты ПДУ пазнаёміліся з асаблівасцямі сістэмы вышэйшай адукацыі Швецыі, сустрэліся са студэнтамі Стакгольмскага ўніверсітэта, што стала выдатнай практыкай шведскай мовы. У выніку візіту быў выпрацаваны план агульных мерапрыемстваў у сферы адукацыі і культуры, пашыраны спіс адукацыйных праграмаў Svenska Institutet для студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

shveciya 3

Выказваем шчырую падзяку Шведскаму інстытуту, і асабліва Віктару Хеніусу, за неверагодную магчымасць наведаць Стакгольм, а таксама спадзяемся, што такія візіты стануць добрай штогадовай традыцыяй.

Яўген Папакуль
Здымкі: Арына Бекер, Яўген Папакуль

Мы выкарыстоўваем cookies

Для забеспячэння выгоды карыстальнікаў сайта і павышэння якасці яго функцыявання, выкарыстоўваюцца файлы cookie