12 ліпеня ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай пачаўся прыём дакументаў на дзённую і завочную формы навучання. Наш універсітэт даўно падрыхтаваўся да сустрэчы з таленавітымі і амбіцыйнымі абітурыентамі, таму першыя ўжо атрымалі падарункі з рук рэктара.
Пачатак прыёмнай кампаніі – гэта захапляльны час, напоўнены чаканнем і спадзяваннямі. Абітурыенты ўжо вывучылі інфармацыю пра праграмы навучання, умовы паступлення і тэрміны падачы дакументаў, некаторыя з іх рыхтуюцца да здачы ўступных іспытаў.
Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, распавёў пра план прыёму і пра тое, як папоўніць шэрагі студэнтаў: «Сёння мы пачалі прыём дакументаў у абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць вышэйшую адукацыю. Усяго сёлета мы плануем прыняць 1052 чалавекі, з іх 727 на бюджэтную форму навучання і 325 на пазабюджэтную форму атрымання адукацыі. Сумарна мы вядзём набор на 30 спецыяльнасцей. На дзённую форму мы набіраем 808 чалавек, з іх на бюджэт 632 і 176 на платную форму навучання.
Сёння мы чакаем найбольшую плынь абітурыентаў, мы правялі вялікую падрыхтоўчую працу, каб зарыентаваць рабят, каб яны выбар зрабілі свядома. У рабоце з абітурыентамі мы ўкараняем лічбавыя тэхналогіі, у прыватнасці ўся ўступная кампанія дзеліцца на некалькі этапаў:
- Першы этап можна здзейсніць дома, перайшоўшы на сайт нашага ўніверсітэта і здзейсніўшы электронную рэгістрацыю – гэта спросціць і паскорыць працэс падачы дакументаў. Гэта можна таксама зрабіць у фае нашага ўніверсітэта, дзе нашы студэнты-валанцёры дапамогуць, падкажуць і ўсім нададуць увагу.
- Другі этап – гэта праверка адпаведнасці пададзеных дакументаў.
- Трэці этап – фатаграфаванне для студэнцкага білета і заліковай кніжкі.
- Чацвёрты этап – падача дакументаў, унясенне даных у лічбавую базу і прыём заявы.
- Пяты крок – заключэнне дагавора. Усяго некалькі крокаў, і ты студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай».
Сваімі ўражаннямі падзяліліся першыя абітурыенты і іх бацькі.
Вікторыя Арлоўская: «Я паступаю на спецыяльнасць «Эканамічная бяспека». Пра яе мне расказала сяброўка, потым мне стала цікава, і я сама пачала вывучаць інфармацыю пра яе. Бо гэта новая спецыяльнасць, я лічу, што яна будзе вельмі актуальная. Полацкі ўніверсітэт вельмі цікавы. Тут вучылася мая сястра і я з першых рук даведвалася пра ўніверсітэт, мне б вельмі хацелася тут вучыцца. Спадзяюся, што маё студэнцкае жыццё тут не будзе сумным!»
Валерый Уладзіміравіч Арлоўскі, бацька Вікторыі: «Я сам вучыўся ў Полацкім універсітэце на інжынера-будаўніка. Мы разглядалі варыянт паступлення ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але ў канчатковым выніку вырашылі застацца ў Наваполацку, тут добрыя выкладчыкі. Да таго ж адкрылася новая спецыяльнасць, яна перспектыўная для будучыні. Універсітэт развіваецца, з'яўляюцца новыя напрамкі навучання, устанаўліваюцца кантакты з іншымі краінамі. Усё гэта станоўча адбіваецца на якасці адукацыі».
Ксенія Балтрушэвіч: «Я паступаю на інжынерна-будаўнічы факультэт, спецыяльнасць «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя». Мяне зацікавіла творчае жыццё ўніверсітэта – гэта стала асноўным крытэрам для мяне. Бо для мяне важная не толькі вучоба, але і калектыў, сцэна, творчасць. Першае, на што я звярнула ўвагу, – гэта «Дэбют», я нават змагла на ім папрысутнічаць.
Я з самага дзяцінства спрабавала сябе ў многіх сферах, і ў нейкі момант зразумела, што хачу паступіць на творчую спецыяльнасць. Таму што нават не магу ўявіць, як буду сядзець з дакументамі. І вось пасля 5 гадоў мастацкай школы паступаю менавіта на гэтую спецыяльнасць».
Паступленне ва ўніверсітэт – гэта важны крок на шляху да прафесійнага і асабістага развіцця. Акрамя акадэмічных вынікаў важны матывацыя абітурыента, яго інтарэсы, дасягненні і патэнцыял для развіцця. Полацкі ўніверсітэт стварае спрыяльнае і падтрымліваючае адукацыйнае асяроддзе, у якім кожны можа атрымаць прафесію мары. Вызначыцца з напрамкам дапамогуць нашы дэканы і выкладчыкі.
Аляксандр Вітальевіч Дудан, дэкан механіка-тэхналагічнага факультэта: «Абітурыентам не варта баяцца тэхнічных спецыяльнасцяў, бо яны вельмі цікавыя. Інжынеры сапраўды запатрабаваны на рынку працы. У пацверджанне гэтага магу сказаць, што падчас размеркавання нам прыходзіць у некалькі разоў больш заявак ад працадаўцаў, чым у нас ёсць выпускнікоў.
Абітурыенты ў сваю чаргу павінны валодаць пэўным багажом ведаў, бо на тэхнічных спецыяльнасцях яны будуць вывучаць і тэарэтычную механіку, і супрамат, і начартальную геаметрыю. Усё гэта мяркуе наяўнасць прасторавага ўяўлення, бо інжынер павінен умець чытаць чарцяжы, каб разумець канструкцыю аўтамабіля, любога вузла ці механізму.
Нашы студэнты праходзяць вытворчую практыку пачынаючы з другога курса на самых розных прадпрыемствах у залежнасці ад спецыяльнасці. Студэнты хімічнага кірунку атрымліваюць вопыт у такіх горадаўтваральных прадпрыемствах, як ААТ «Нафтан», завод «Палімір», ААТ «Мазырскі НПЗ», ААТ «Беларуськалій». Астатнія студэнты праходзяць практыку на ААТ «МТЗ», ААТ «МАЗ», ААТ «БелАЗ», на станкабудаўнічых заводах у Оршы і Віцебску, у розных аўтапрадпрыемствах нашай і іншых абласцей. Атрыманыя веды студэнты выкарыстоўваюць у сваіх першых распрацоўках у рамках курсавых праектаў.
Выбірайце той кірунак, які вам больш за ўсё па душы, і прыходзьце да нас!»
Аляксандр Аляксандравіч Бакатовіч, дэкан інжынерна-будаўнічага факультэта: «Існуе стэрэатып, што інжынеры – гэта выключна мужчынскі калектыў, але насамрэч гэта не так. Сёння, напрыклад, на завочную скарочаную форму навучання па спецыяльнасці «Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў» падалі дакументы два юнакі і тры дзяўчыны, на спецыяльнасць «Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў» падала дакументы абітурыентка з залатым медалём. Практыка апошніх гадоў паказвае, што да нас паступаюць не толькі мясцовыя абітурыенты, а прыязджаюць хлопцы з самых розных гарадоў: Барысава, Смаргоні, Мядзела, з Мінскай і Магілёўскай абласцей. Усё гэта не можа не цешыць, таму мы чакаем усіх.
Нашы выпускнікі інжынерных спецыяльнасцей карыстаюцца высокім попытам на прадпрыемствах, таму з першых курсаў яны пачынаюць прыцягваць увагу работадаўцаў. Вытворчая практыка студэнтаў праходзіць у арганізацыях-заказчыках кадраў. Да моманту заканчэння ўніверсітэта студэнты могуць паспець папрацаваць у двух-трох арганізацыях, што дазваляе ім не толькі атрымаць першы досвед працы, але і вырашыць, якое з прадпрыемстваў ім больш падыходзіць для пабудовы кар'еры. У гэтым годзе на размеркаванні нашых выпускнікоў на кожнага з іх прыходзілася па 3-4 заяўкі. Менавіта досвед працы ў розных арганізацыях дазволіў ім абраць першае працоўнае месца не ўсляпую, а ўзважана і ўпэўнена.
Пры выбары спецыяльнасці асабліва важна зрабіць выбар свядома. Падумайце аб запатрабаванасці вашай спецыяльнасці, перспектывах для працаўладкавання, узроўні заработнай платы і магчымым месцы працы. Бацькі могуць дапамагчы вам зрабіць гэты складаны выбар, але самае галоўнае – каб вы былі ўпэўненыя ў сваім выбары і рабілі яго сьвядома».
Надзея Андрэеўна Барэйка, дацэнт кафедры ўліку, фінансаў, лагістыкі і менеджменту: «Мы чакаем таленавітых і актыўных абітурыентаў. Наш факультэт ініцыятыўны і творчы і, вядома, мы хацелі б бачыць такіх жа студэнтаў у сваіх шэрагах. У гэтым годзе мы адкрылі набор на новую спецыяльнасць «Эканамічная бяспека». Чакаем высокі попыт, бо кірунак цікавы і не менш запатрабаваны.
Нашыя кафедры маюць філіялы ў розных установах і прадпрыемствах: банках, падатковых і вытворчых арганізацыях. Наш факультэт арыентаваны на прыцягненне ў адукацыйны працэс практыкуючых прафесіяналаў не толькі з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Да таго ж многія нашы выкладчыкі таксама паралельна працуюць у рэальным сектары эканомікі, таму заняткі ў нас нясумныя.
Кожнаму абітурыенту я жадаю зрабіць свядомы выбар, які прывядзе іх да запаветнай мэты, і не баяцца марыць. Прыходзьце да нас, бо нездарма гавораць: «Фінансава-эканамічны – самы бамбічны!».
Павел Вітальевіч Салаўёў, дэкан юрыдычнага факультэта: «У гэтым годзе ў нас дастаткова шмат бюджэтных месцаў, як на «Мытная справа» – 15, так і на «Правазнаўства» – 25. Але мы чакаем студэнтаў і на платную форму навучання, бо на нашым факультэце добра развіта сістэма скідак. Нашы студэнты актыўна ўдзельнічаюць у жыцці роднага ўніверсітэта і ў праграмах акадэмічнага абмену. Літаральна нядаўна яны вярнуліся з Санкт-Пецярбурга, дзе, несумненна, атрымалі каштоўны досвед.
У працэсе навучання студэнты праходзяць практыку ў мытні, адвакатуры, судах, следчым камітэце, органах унутраных спраў, пракуратуры. Дзякуючы гэтаму яны атрымліваюць рэальны досвед працы ў юрыдычнай сферы, пачынаючы ад аператыўнай дзейнасці і заканчваючы шлюбаразводнымі працэсамі.
Абітурыентам хачу пажадаць верыць у сябе і свае магчымасці. Наш факультэт дае выдатныя ўмовы для атрымання вышэйшай адукацыі. Будзем рады вітаць новых студэнтаў і дапамагчы ім дасягнуць поспеху ў юрыдычнай сферы».
Аляксей Леанідавіч Радзюк, дэкан гуманітарнага факультэта: «Матывацыя з'яўляецца закладам паспяховага навучання. Менавіта матываваных студэнтаў і чакае гуманітарны факультэт. А ўжо на гэтым падмурку мы, выкладчыкі факультэта, будзем фармаваць неабходныя веды і прафесійныя кампетэнцыі ў рамках абранай спецыяльнасці.
Наш факультэт ідзе насустрач студэнтам, якія ўцягнуты ў прафесійную, творчую і спартыўную дзейнасць. Напрыклад, для студэнтаў спецыяльнасці «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» мы ствараем індывідуальную траекторыю навучання, каб яны маглі паспяхова сумяшчаць спартовую кар'еру і адукацыю.
Выпускнікі нашага факультэта вельмі запатрабаваны на рынку працы. Добрыя спецыялісты ў галіне педагогікі, псіхалогіі, філалогіі, гісторыі, фізічнай культуры і спорту заўсёды цікавыя патэнцыйным працадаўцам і лёгка знаходзяць першае месца працы. Ужо на позніх курсах студэнты, якія добра зарэкамендавалі сябе падчас навучальных і вытворчых практык, паспяхова сумяшчаюць навучанне і працу па спецыяльнасці.
Для тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хочуць пазнаёміцца з іншай сістэмай адукацыі, атрымаць новыя ўражанні і пашырыць свой кругагляд прадугледжаны семестравыя праграмы акадэмічнага абмену ў вышэйшыя навучальныя ўстановы за мяжой.
Полацкі ўніверсітэт дае шырокія магчымасці кожнаму студэнту, таму я хачу пажадаць нашым абітурыентам быць упэўненымі ва ўласнай выбары і спакойна рухацца да вызначанай мэты».
Прыём дакументаў на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на спецыяльнасці з уступнымі іспытамі ва ўніверсітэце працягнецца да 17 ліпеня. Сачыце за працэсам падачы дакументаў анлайн у маніторынгу.








