30 лістапада ў Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай адбыўся абласны форум класаў педагагічнай накіраванасці «Педагог: прафесія, пакліканне, мастацтва». Форум аб'яднаў практыкуючых настаўнікаў, спецыялістаў у галіне адукацыі і абітурыентаў.
Адкрыццё форуму прайшло ў цёплай і натхняльнай атмасферы. Навучэнцы школ і іх настаўнікі прадставілі яркія творчыя нумары, дэманструючы свае таленты ў вакале і танцах. Іх выступленні зарадзілі гледачоў станоўчай энергіяй на ўвесь дзень. Ганаровыя госці падзяліліся сваімі думкамі пра значэнне педагагічнай прафесіі ў сучасным грамадстве. Іх натхняльныя гаворкі сталі выдатным пачаткам форума, нагадаўшы ўсім прысутным пра важнасць прызначэння настаўніка і яго ўплыў на будучае пакаленне.
Алена Леанідаўна Багдановіч, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта: «Вельмі сімвалічна, што наш форум праходзіць у год якасці. Ад якасці адукацыі і якасці настаўніка залежыць жыццё сучаснага грамадства. Усё пачынаецца з настаўніка. Ваша любоў да радзімы, вашае развіццё, вашы мары, планы і самарэалізацыя – усё гэта звязана з вашай прафесіяй. Я абсалютна ўпэўнена, што тут сабраліся неабыякавыя людзі, адданыя сваёй справе. Я спадзяюся, што большасць з вас абярэ прафесію педагога як прызначэнне ўсяго свайго жыцця.
Ад імя Галоўнага ўпраўлення па адукацыі хачу павітаць усіх вас. Жадаю вам плённай працы сёння. Няхай сумненні, якія ў вас былі пры выбары прафесіі, развеюцца, і вы ўсведамляеце, што самая выдатная прафесія – гэта прафесія педагога, што гэта ваша прызначэнне, і вы гатовы па жыцці несці добрае, мудрае і светлае, выхоўваць і развіваць дзяцей, і спрыяць развіццю нашай краіны».
Андрэй Уладзіміравіч Адзіночкін, намеснік старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях: «Невыпадкова трэці форум праходзіць у горадзе Наваполацку, менавіта ў Полацкім універсітэце. Я ўпэўнены, што пасля сённяшняга мерапрыемства ўсе ўбачаць патэнцыял Полацкага ўніверсітэта. Гэты ўніверсітэт унікальны тым, што размяшчаецца ў двух гарадах. Адзін з іх – Полацак, дзе зараджалася адукацыя і навука. Я спадзяюся, што пасля заканчэння сённяшняга мерапрыемства ў нас не застанецца ніводнага чалавека, які б не сказаў: «Я хачу быць педагогам». Прафесія педагога была і застаецца ўшанаванай і паважанай ва ўсе часы. Дзеці, якія выбралі класы педагагічнай накіраванасці, ужо зрабілі першы крок да гэтай прафесіі. Наперадзе вас чакае прызначэнне!»
Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага ўніверсітэта: «Упэўнены, што тут сабраліся тыя вучні, якія ў будучыні будуць рабіць славу не толькі свайму гораду і сваёй школе, але і ўсёй нашай краіне. Я з гонарам кажу пра тое, што з'яўляюся настаўнікам матэматыкі і маю ў гэтым вялікі досвед, бо першая прафесія, якую я атрымаў, была менавіта прафесія настаўніка матэматыкі ў школе.
Калі мне трэба было выбіраць, куды ісці вучыцца, было шмат прапаноў. Але я ні разу не пашкадаваў, што абраў стаць менавіта педагогам. Я сёння, сціпла скажу, з'яўляюся настаўнікам матэматыкі вышэйшай катэгорыі і адначасова рэктарам універсітэта.
Хачу выказаць падзяку Андрэю Уладзіміравічу за тыя добрыя словы, якія ён сказаў у адрас нашага ўніверсітэта, таксама дзякуй Алене Леанідаўне і ўсяму Галоўнаму ўпраўленню адукацыі за магчымасць правесці форум сёння тут у нас».
Сяргей Пятровіч Бараноўскі, лаўрэат заключнага этапа конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь – 2023», настаўнік матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа №15 імя У.Ф. Маргелава г. Наваполацка»: «Нядаўна скончыліся летнія алімпійскія гульні, на якіх мы ўсё парадаваліся поспехам спартоўцаў нашай краіны. На першы погляд, здавалася б, ну што тут такога, зрабіць пару кульбітаў на батуце, альбо прагрэсці пару кілямэтраў у нейкай там байдарцы. Але гэта зусім не так. Бо зваротны бок спорту і вялікіх дасягненняў – гэта не толькі талент і поспех, а бясконцая карпатлівая праца як самога спартсмена, так і яго настаўнікаў. У любой прафесіі людзям, далёкім ад яе ўнутранай кухні, не зразумець, што і як уладкована. Мала быць таленавітым настаўнікам у педагогіцы, мала ведаць свой прадмет на выдатна. Вельмі важна яшчэ ўвесь час удасканальвацца і працаваць над сабой. Глядзець, як гэта робяць больш старэйшыя таварышы.
Мне ў гэтым пляне вельмі пашанцавала. У школе ў мяне быў настаўнік, на якога хацелася быць падобным, браць прыклад зносін з вучнямі. Ва ўніверсітэце быў выкладчык геаметрыі і дэкан, а зараз прарэктар, якога мы лічылі проста богам матэматыкі. На маім першым месцы працы ў Ждановічах мяне ўзяў пад сваё крыло настаўнік малявання, які навучыў бачыць у дзецях тое самае каштоўнае, што прымушала трапятаць, прымушала перажываць за дзіця, можа нават больш, чым яго бацькі. І не абавязкова ж, каб дзіця было геніем матэматыкі. Важна, каб дзіця заставалася чалавекам. Чалавекам з вялікай літары.
Навошта я прыводжу ўсе гэтыя прыклады са свайго жыцця? Да таго, што ў любой прафесіі, а ў педагогіцы, мусіць, у першую чаргу, вельмі важная роля асобы ў станаўленні нас як настаўніка. Сёння ўжо больш за год прайшло з таго моманту, калі я стаў лаўрэатам заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года». І чарговы раз з гэтай сцэны хацеў бы сказаць словы падзякі тым, хто перажываў за мяне, хто дапамагаў мне, хто падтрымліваў у хвіліны поспехаў і ў хвіліны няўдач. Гэта, вядома ж, мае родныя, блізкія, мае калегі. Конкурс даўно скончыўся, але ў памяці назаўжды застануцца гэтых дзевяць месяцаў незабыўных уражанняў.
Напрыканцы хацеў бы сказаць нешта нашым будучым, спадзяюся, калегам, маладым педагогам: ніхто адразу не нараджаецца настаўнікам. Будзе слава, будзе поспех, будуць хвіліны роспачы, гароты, расчараванні. Вы не паверыце, але ў мяне таксама быў перыяд у жыцці, калі я проста адпачываў пяць год ад школы. Але калі гэта наканавана лёсам, калі гэта сапраўды ваша прызначэнне, то прайшоўшы ўвесь гэты цярністы шлях, вы ўсё роўна вернецеся ў гэтую прафесію. І праз гады зможаце смела сказаць: «Так, я сапраўды настаўнік». Будучыя настаўнікі, тварыце, адважвайцеся, прыслухоўвайцеся да меркавання сваіх старэйшых таварышаў і бярыце ад іх лепшае».
Для абітурыентаў, якія жадаюць стаць педагогамі ці выкладчыкамі, у Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Еўфрасінні Полацкай ёсць шырокі выбар спецыяльнасцей:
З кожным з гэтых напрамкаў навучання госці форуму пазнаёміліся на інтэрактыўных пляцоўках.
Пляцоўка спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя» размясцілася ў аўдыторыі Цэнтра дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця «УНІВЕРык». Абітурыентам паказалі рабочае асяроддзе выхавальніка і шырокі спектр дыдактычных матэрыялаў. Вучні пазнаёміліся з працэсам арганізацыі заняткаў, які ўключае ў сябе выкарыстанне практычных метадаў, накіраваных на развіццё кагнітыўных і сацыяльных навыкаў дзяцей дашкольнага ўзросту.
На пляцоўцы спецыяльнасці «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» абітурыентам расказалі пра тое, каму менавіта падыдзе прафесія педагога-псіхолага, якімі якасцямі неабходна валодаць для паспяховай работы ў гэтай сферы. Таксама абітурыенты ўзгадалі вядомых вучоных-псіхолагаў, якія аказалі найбольшы ўплыў на станаўленне гэтай навукі.
Паліна Рыгораўна Партнова (фота 1) Пляцоўка спецыяльнасці «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя»
Спецыяльнасць «Тэхналагічная адукацыя» непарыўна звязана з творчасцю, а менавіта вырабамі ручной працы. Абітурыентам прапанавалі паспрабаваць сябе ў стварэнні вырабаў з дрэва, а таксама ў выпальванні малюнкаў. Удзельнікі форуму таксама згулялі ў настольныя гульні, створаныя студэнтамі ўніверсітэта.
На пляцоўцы спецыяльнасці «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры» абітурыентам расказалі пра асаблівасці будовы чалавечага цела, засяродзіўшы ўвагу на неабходнасці выканання правільнай тэхнікі выканання практыкаванняў. Вучням таксама расказалі пра дасягненні студэнтаў-спартсменаў і спартыўныя секцыі, якія можна наведваць у Полацкім універсітэце.
Пляцоўка спецыяльнасці «Гісторыя» дала магчымасць усім удзельнікам форуму дакрануцца да Полацкай гісторыі. Інтэлектуальны квіз «Гістарычны лабірынт» з элементамі інтэрактыву пазнаёміў усіх з унікальнымі знаходкамі Полацкай зямлі, у тым ліку ўпрыгожваннямі і вырабамі з металаў. Настольная гульня «Шлях з варагаў у грэкі» прапануе дапамагчы Полацкаму князю Усяславу Чарадзею правезці каштоўныя тавары, неабходныя для эканамічнай дзейнасці Полацка ў сярэднявеччы. Выстаўка «Вывучэнне старажытнага Полацка» азнаёміла зацікаўленых з археалагічнымі даследаваннямі старажытнай Полацкай зямлі, якая па-ранейшаму тоіць у сабе шмат сакрэтаў.
На пляцоўцы спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» адбыўся краіназнаўчы квіз. Абітурыенты ўзгадвалі сімвалы розных краін, вырашалі загадкі, а таксама вывучалі слэнгавыя выразы на англійскай мове.
У 2025 годзе адбудзецца першы набор студэнтаў на спецыяльнасць «Сучасныя замежныя мовы». Асаблівасць гэтага напрамку навучання заключаецца ў тым, што пачынаючы з другога курса студэнты пачнуць вывучаць кітайскую мову ў якасці другой замежнай. Сёння абітурыенты атрымалі магчымасць праз асацыяцыі вывучыць некалькі кітайскіх іерогліфаў разам з носьбітам мовы, магістрантам Полацкага ўніверсітэта Кун Дэі.
Падчас форуму адбыліся майстар-класы на тэму «Педагагічны прафесіяналізм: творчасць, майстэрства, якасць», якія прыцягнулі ўвагу ўдзельнікаў разнастайнасцю тэм і актуальнасцю. Заняткі сталі платформай для абмену досведам з лепшымі практыкамі сярод педагогаў:
- «Вырашаем ЦЭ на 100 балаў» – Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі, рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай
- «Стварэнне і выкарыстанне адукацыйных квэстаў» – Святлана Сяргееўна Мільто, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Базавая школа №10»
- «Матэматыка вакол нас» – Сяргей Пятровіч Бараноўскі, настаўнік матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа №15 імя У.Ф. Маргелава г. Наваполацка»
- «Сусвет Текст: фарміруем удумлівага чытача» – Святлана Леанідаўна Румянцава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа №15 імя В.Ф. Маргелава г. Наваполацка»
- «Выкарыстанне сучасных відаў гімнастыкі на ўроках фізічнай культуры» – Святлана Васільеўна Петрушчанка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА «Сярэдняя школа №14 г. Наваполацка
- «Дзецям трэба пагуляць, каб ведаць, кім у жыцці стаць!» – Таццяна Міхайлаўна Бобрык, метадыст ДУ «Наваполацкі гарадскі навучальна-метадычны кабінет»
- «Эмацыйны інтэлект: разумей, выказвай, кіруй» –Вольга Мікалаеўна Васільева, педагог-псіхолаг ДУА «Гімназія №2 г. Наваполацка»
Абітурыенты-ўдзельнікі форуму падзяліліся сваімі меркаваннямі пра прафесію педагога.
Вераніка Трэблікава: «Я вучуся ў педагагічным класе. Выбрала гэты накірунак, таму што ў мяне ў школе выдатныя настаўнікі, з якіх я хацела б узяць прыклад і стаць падобнай да іх у будучыні. Ужо зараз актыўна рыхтуюся да паступлення і зарэгістравалася на ўніверсітэцкую алімпіяду».
Цімафей Маханькоў: «Сёння я хачу пазнаёміцца з педагагічнымі прафесіямі, каб у далейшым выбраць сваю. Выбраў прафесію педагога, таму што гэта адказная праца, без якой немагчыма ўявіць сучаснае грамадства».
Аляксандра Колабава: «11-ы клас – гэта важны этап, калі самы час дакладна вызначыць, кім ты хочаш стаць у жыцці. Я лічу, што трэба вывучыць усе спецыяльнасці, каб у будучыні быць упэўненай у сваім выбары. Мяне вельмі цікавіць тэма псіхалогіі, псіхікі чалавека, яго развіцця і дзіцячая псіхалогія, у прыватнасці. Я лічу, што педагогіка – гэта тая сфера, якая з'яўляецца асновай для абсалютна кожнай прафесіі».
Педагагічны форум завяршыўся, пакінуўшы ва ўдзельнікаў шмат станоўчых эмоцый і натхнення. Будучыя педагогі даведаліся больш пра спецыяльнасці, атрымалі зарад матывацыі, і зараз кожны з іх гатовы вярнуцца да вучобы з новымі ведамі і энтузіязмам.






























